Існаваў у 16 ст. на Пн ад в. Казьяны Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1563 у час Лівонскай вайны 1558—83 паводле загаду Івана Грознага як парубежная крэпасць. Планіроўку і памеры замка вызначыў мыс лукавіны р. Обаль. Будынак драўляны, трохвугольны ў плане (50 × 120 × 110 м), з трыма чацверыковымі вежамі (былі падзелены ўнутры на 3 баявыя ярусы), накрытымі 2-схільнымі дахамі па вуглах. Вежа, размешчаная ў перашыйку лукавіны ракі, мела арачны праезд, астатнія — «глухія», стаялі на паўкруглых у плане падмурках, прарэзаных круглымі байніцамі. Вежы злучаліся абарончымі сценамі (пад 2-схільным крыццём) з прамавугольнымі байніцамі ў верхняй частцы. Цэнтр. частку ўнутр. прасторы замка займала жылая забудова. Замак разбураны ў 1579 войскамі Рэчы Паспалітай, адлюстраваны на малюнку С.Пахалавіцкага (1579).